Лера з Гародня, 12 гадоў

Мае уражанні ад наведвання Уроцлава і знаёмства з польскімі школьнікамі

Польскія дзеці, з якімі давялося пазнаёміцца ў час побыту ва Ўроцлаве, цікавяцца рознымі рэчамі: любяць штосьці майстраваць, ставіць спектаклі, гуляць у розныя гульні. Я даведалася, што канікулы ў нас, у Беларусі, ідуць у розны час з польскімі вучнямі.

Што датычыць захапленняў польскіх дзяцей, то яны цікавяцца спартыўнымі гульнямі, кампутарамі, мабільнымі тэлефонамі, планшэтамі, гульнямі ў мяч. У доме, дзе мы жылі з татам, я разам з дзяўчынкай Клаўдыяй гулялі ў “пінгвінікаў”, таксама гулялі ў цікавую гульню з тэлевізійнай прыстаўкай, дзе трэба паўтараць рухі, якія адлюстроўваюцца на экране. Таксама мы з ёй каталіся на раварах па ваколіцы.

Уроцлаўскія дзеці апранаюцца вельмі ярка і страката, яны шмат вандруюць па Польшчы і за мяжу, ведаюць замежныя мовы. Яны вельмі сяброўскія і зычлівыя. Разам з польскімі дзецьмі мы рабілі вербачкі, гатавалі пельмені і салатку ў кулінарнай майстэрні. А галоўнае ў нас былі вельмі цікавыя рэпетыцыі. Мы рыхтавалі спектакль па творах Адама Міцкевіча.

Вельмі цікава было выступаць на сапраўднай сцэне перад гледачамі. Мне вельмі цікава было ўдзельнічаць у байках “Сябры”, “Жабкі і каралі”, “Ліса і казёл”, а таксама танцаваць паланэз. Таксама мне спадабалася гімназія, у якой у нас былі заняткі і школьная спартовая зала, дзе мы гулялі “у боўля”.

У горадзе Уроцлаў мне вельмі спадабаліся заапарк, “Афрыкарыум” – там я убачыла ўпершыню ў сваім жыцці сапраўдных скатаў, бегемотаў, дзівосных акіянскіх рыбаў. Я сфатаграфавала ската, які праплыў у мяне над галавой. Гэта пакінула ў мяне яркія ўражанні. Афрыкарыкм – супер, супер, супер! Таксама мне спадабаліся старажытныя кавярні, ратуша, а таксама шматлікія уроцлаўскі гномікі, якіх было вельмі цікава шукаць у розных куточках і частках гораду. Таксама мяне вельмі ўразіла Рацлавіцкая панарама.

Хацелася застацца ва Ўроцлаве яшчэ. Адзіная мая праблема – я не вельмі добра яшчэ ведаю польскую мову і не ўсё дакладна разумела.

Вялікі дзякуй арганізатарам за тое, што запрасілі нас у такую цікавую паездку!