Што такое "грамадзянскі бюджэт" і грамадскія кансультацыі?

Беларускія актывісты, якія суправаджаюць дзяцей падчас дзевяцідзённай паездкі ў польскі Уроцлаў у межах праекта “Dzieci razem” маюць сваю адмысловую праграму. Яны праходзяць насычаныя трэнінгі ва ўроцлаўскім цэнтры падтрымкі няўрадавых арганізацый “Sektor3” на тэму пабудовы эфектыўнай грамадзянскай супольнасці.

У панядзелак бацькі беларускіх дзяцей ад удзельніка праекта “Sektor3” фонда Umbrella Аляксандры Коваль даведаліся пра гісторыю стварэння і дзейнасць гэтай структуры, якая з’яўляецца інкубатарам НДА ва Ўроцлаве. “Sektor3” апякуе амаль 200 недзяржаўных арганізацый. Беларускім гасцям распавялі пра эфектыўныя методыкі і тэхналогіі працы з насельніцтвам, якія ўмацоўваюць грамадзянскую супольнасць. Удзельнікаў з Беларусі цікавіла, як перанесці польскія напрацоўкі на беларускую глебу, у прыватнасці, як матываваць валанцёраў.

На наступны дзень у “Sektor 3” адбыўся трэнінг па прадухіленні стрэсаў і пераадоленні іх наступстваў. Удзельнікі атрымалі ад польскай спецыялісткі Магдалены Дзікоўскай шмат цікавых рэкамендацый і практычных прыёмаў. Паводле псіхолага, вялікае значэнне мае не тое, што адбываецца, а тое, як гэта чалавек інтэрпрэтуе. Жыццё – рэч непрадказальная і ніколі нельга быць упэўненым, што сённяшняя “праблема” заўтра не ператворыцца ў жыццёвую перавагу. Вельмі важна не траціць энергію ў пустую на перажыванні і ацэнку сітуацыі, а ўмець пераключацца і абстрагавацца ад праблемы.

Трэці дзень заняткаў быў прысвечаны валанцёрскай працы, якім таксама апякуюцца ўдзельнікі праекта “Сектар3”. Валанцёрка пенсіянерка Ганна распавяла пра тое, як у горадзе арганізуецца такая праца, як матывуецца гэтая высакародная дзейнасць, як будуюцца трывалыя валанцёрскія каманды. Так уроцлаўскія валанцёры адыгрываюць вельмі важную ролю ў арганізацыі штогадовага фестывалю Незалежнай беларускай культуры. Ва Ўроцлаве шырока адзначаецца міжнародны дзень валанцёра 5 снежня. “Сектар3” віншуе валанцёраў, арганізуе свята і сумесны адпачынак.

Эксперт Аляксандра Белінская распавяла пра тое, як грамадзяне ўдзельнічаюць у прыняцці рашэнняў пра расходаванне сродкаў мясцовага бюджэту. Грамадзяне маюць магчымасць удзельнічаць у галасаванні праз запаўненне папяровых анкетаў альбо праз інтэрнэт за той ці іншы праект добраўпарадкавання ці паляпшэння інфраструктуры, якія спрыяюць падвышэнню камфортнасці гарадскога асяродку.

На чацвёрты дзень з беларускімі актывістамі сустрэўся кіраўнік фонда Umbrella і праекта “Sektor3” Гжэгож Тымошык. Ён распавёў пра гісторыю станаўлення грамадзянскай супольнасці ў Польшчы. Зараз польскае заканадаўства для НДА вельмі спрыяльнае: для стварэння грамадскай арганізацыі дастаткова 15 чалавек.

Гжэгож Тымошык адзначыў, што беларусам, пераймаючы польскі досвед, важна пазбегнуць памылак, якія былі дапушчаныя польскімі рэфарматарамі. Асноўнымі памылкамі, на яго думку, былі некрытычнае ўспрыняцце капіталізму і празмерная сувязь касцёла і палітыкі.

Спікер распавёў пра такую з’яву ў сучасным дэмакратычным грамадстве, як грамадскія кансультацыі. Менавіта тое, як рэгулярна яны практыкуюцца, дазваляе распазнаць наколькі ўлада блізкая да грамадства, бо гэта, на думку прамоўцы, абавязковая частка дэмакратычнай пабудовы грамадства.

“Зараз дэмакратыя рухаецца ад прадстаўнічай дэмакратыі да дэмакратыі агульнага ўдзелу ўсіх сябраў грамадства. Калі абяруць дэпутатам, нельга будзе сказаць, што 4 гады буду рабіць, што хачу і не буду нікога слухаць. У спелай форме дэмакратыі, дэпутат на пастаяннай сувязі са сваімі грамадзянамі і стала да іх прыслухоўваецца”, - адзначыў кіраўнік фонда Umbrella.

Варта дадаць, што ў сённяшняй Польшчы грамадскія кансультацыі абавязковыя па законе. Грамадскія кансультацыі – абавязак улады. Яна іх арганізуе і аплачвае. Калі ў Польшчы ствараецца нейкі закон, абавязкова запрашаюць людзей да ўдзелу ў абмеркаванні дыскусійнага пытання. Гэты прынцып выконваецца на ўсіх узроўнях улады - ад цэнтральнай да мясцовай.

Каб кансультацыі былі сапраўднымі, а не фармальнымі, павінен выконвацца шэраг умоў, які ў спрошчанай форме можа выглядаць так:

  • Грамадскія кансультацыі павінны ладзіцца адносна кожнай грамадска важнай справы
  • Абвестка павінна быць такой, каб кожны пра яе даведаўся
  • Яны павінны быць арганізаваныя ў такі час, каб кожны пры жаданні мог прыняць у іх удзел
  • Грамадскія кансультацыі павінна мець ясныя правілы, як разглядаюцца і ўлічваюцца прапановы
  • Вынікі ГК павінны быць патлумачаны (чаму прынятае такое рашэнне, а не іншае).

Апошнія гады ў Польшчы практыкуецца так званы “грамадзянскі бюджэт”, які фактычна з’яўляецца своеасаблівай формай грамадскіх кансультацый. Пэўнай часткай муніцыпальнага бюджэту распараджаюцца самі грамадзяне. Яны вырашаюць шляхам галасавання, на які праект лепш за ўсё выдаткаваць гэтыя грошы. Гжэгож Тымошык выказаў перакананне, што менавіта мясцовая ініцыятыва – паказнік правільных адносінаў улады і грамадства.