Беларускія дзеці шукалі ва Ўроцлаве гномаў, а знайшлі лунаючага кракадзіла

Экскурсія па сталіцы Ніжняй Сілезіі з удзелам беларускіх дзяцей і іх бацькоў у межах праекту “Dzieci razem” адбылася 22 сакавіка.

Разам з кіраўніцай польскага фонду “My razem” Таццянай Івановай рознаўзроставая беларуская дэлегацыя шукала па горадзе скульптуры гномаў. Менавіта гэты містычны персанаж з’яўляецца сімвалам Уроцлава.

Скульптуры гномаў (іх усяго 79) раскіданыя па ўсім горадзе ў самых нечаканых месцах. Муніцыпалітэт нават выдаў спецыяльную пошукавую мапу з апісаннем скульптур і ўказаннем іх месцазнаходжання. Такім чынам пошук гномаў ператвараецца ў займальную вулічную гульню.

Але следапытаў-аматараў чакаюць неспадзяванкі. На ўроцлаўскіх вуліцах можна знайсці не толькі гномаў, але кракадзіла, які ірвецца да неба ці мутанта страказу.