Сустрэча ў Мінску і прэзентацыя дакументальнай стужкі

5 чэрвеня 2015 году ў офісе Камітэта "Салідарнасьць" у Мінску адбылася фінальная сустрэча ў межах праэкту "Дзеці разам". На сустрэчу прыехалі беларускія ўдзельнікі, а таксама польскія сябры: намесьніца дырэктара ўроцлаўскай гімназіі №2 Данута Стэфановіч і прадстаўніца фундацыі "Мy razem" Тацяна Іваноў. 
 
З цёплымі прывітальнымі словамі да прысутных зьвярнуліся старшыня Камітэту Іна Кулей, а таксама партнэры з Уроцлава. Падчас сустрэчы адбылася прэзэнтацыя і прагляд дакументальнага фільму, створанага Арцёмам Лявам у часе візіту беларускіх гасьцёў ва Ўроцлаў. 
 
Апроч таго, прысутныя паўдзельнічалі ў дыскусіі наконт новых ідэй у справе далейшых партнэрскіх стасункаў паміж польскімі і беларускімі дзецьмі. Адной з прапаноў была ідэя арганізаваць ужо на тэрыторыі Беларусі тэатральныя майстэрні з удзелам польскіх і беларускіх дзяцей накшталт польскіх. Спатканьне праходзіла ў гасьціннай хатняй  атмасферы са шматлікімі ўспамінамі і словамі падзякі польскім бацькам і вучням з Уроцлава, дырэкцыі і педагогам гімназіі №2 Ўроцлава, Камітэту "Салідарнасьць", а таксама ўсім тым, хто спрычыніўся да мажлівасьці вандроўкі беларускіх семьяў ва Ўроцлаў.
 
Для пераважнай большасьці паездка ў Польшчу была  першым выяздам за мяжу. І дзеці былі так уражаныя ад вандроўкі, што адбыліся зьмены ў іх сьветапоглядзе, і як  распавядалі-зьмены да лепшага. Беларускія і польскія семьі вядуць перапіску паміж сабою праз электронныя сродкі, у прыватнасьці, праз сацыяльныя сеткі, а таксама праз паштовае ліставаньне....
Кожны ўдзельнік сустрэчы атрымаў у падарунак DVD дыск з дакументальным фільмам, фатаздымкамі і відэа здымкамі фінальнага тэатральнага прадстаўленьня.